СЛУ́ЖБА ЧА́СУ,

сукупнасць работ па вызначэнні і захоўванні дакладнага часу і перадачы інфармацыі аб ім; аб’яднанне астр. устаноў краіны, якія вядуць адпаведныя работы. Устанаўлівае сувязь паміж сусветным часам (вызначаецца з астр. назіранняў) і атамным часам (вызначаецца пры дапамозе квантавага гадзінніка, недакладнасць ходу якога каля 1 с за сто гадоў). Захоўванне часу паміж назіраннямі выконваецца пры дапамозе кварцавых гадзіннікаў, якія кантралююцца атамнымі і малекулярнымі стандартамі частаты з дакладнасцю, на 3—4 парадкі вышэйшай за дакладнасць вызначэння сусветнага часу. Для праверкі часу праз радыёвяшчальную сетку кожную гадзіну перадаюць 6 сігналаў, апошні з якіх адпавядае дадзенай гадзіне. Работу С.ч. розных краін каардынуе Міжнар. бюро часу пры Парыжскай абсерваторыі, якое па іх матэрыялах вылічвае і публікуе канчатковыя папраўкі радыёсігналаў. Міжнар. шкала атамнага часу рэалізуецца шляхам усярэднення паказанняў некалькіх дзесяткаў атамных гадзіннікаў С.ч. ў розных краінах.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 15, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)